ХХ Национальный фестиваль белорусской песни и поэзии "Молодечно-2021"
11.06.2021ХХ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі
“Маладзечна – 2021” запрашае гледачоў!
Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне з’яўляецца адным з найбольш значных і чаканых мерапрыемстваў у кульутурным жыцці горада. Праект накіраваны на захаванне і развіццё роднай мовы і нацыянальнай музыкі, спрыяе аб’яднанню творчых сіл, захаванню традыцый, пераемнасці пакаленняў.
Доўгі час маштабны форум збірае таленавітых паэтаў, выканаўцаў, кампазітараў, майстроў, адкрывае і запальвае новыя зоркі на беларускім творчым небасхіле.
Сёлетняя падзея прысвечана юбілейнай даце – дваццатаму Нацыянальнаму фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна”, і будзе радаваць жахароў і гасцей горада насычанай святочнай праграмай 11 і 12 чэрвеня. Тэма юбілейнай даты знойдзе сваё адлюстраванне ў мерапрыемствах розных жанраў і накірункаў, цікавых і захапляльных пляцоўках.
11 чэрвеня
Першы фестывальны дзень пачнецца з падарожжа па старонках фестывальнай гісторыі, якое адбудзецца ў 10 гадзін у выставачным фае Палаца культуры падчас адкрыцця выставы “Фестываль. Духоўнасць. Культура”. Экспазіцыя пройдзе з мэтай звярнуць увагу нашых сучаснікаў да нацыянальнай спадчыны, якая мае духоўную каштоўнасць, на яркіх і таленавітых людзей, актуалізаваць тэму каштоўнасці гісторыі і культуры, аб’яднаць інтэлектуальныя і духоўныя сілы грамадства.
Кожны зможа прасачыць гісторыю культурнага мерапрыемства, успомніць, як усё пачыналася, набывала папулярнасць, пашырала свае маштабы.
***
Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні з’яўляецца неад’емнай часткай творчага форуму. Маладыя выканаўцы прадэманструюць свой талент, чыстыя галасы, любоў і беражлівае стаўленне да беларускага слова падчас ІІ туру рэспубліканскага этапу Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, які пройдзе ў 10.30 у канцэртнай зале Палаца культуры.
А ўжо III тур рэспубліканскага этапу Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні пройдзе ў 15.00 у суправаджэнні Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі” пад кіраўніцтвам народнага артыста Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэата прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесара Міхаіла Фінберга.
***
У Мінскім абласным тэатры кукал “Батлейка” па матывах беларускіх народных казак для дзяцей малодшага ўзросту адбудзецца спектакль “Казкі з куфэрка”. І дзеці, і бацькі змогуць убачыць, як лялькі пачынаюць рухацца і ажываць. Як сцвярджаюць акцёры, у старым куфэрку захоўваюцца казкі.
Па сюжэту бедную сірацінку злая мачыха паслала ноччу на зачараваны млын. А тут чорт кліча: “Марыся, хадзем танчыць!”. Пачатак мерапрыемства ў 12.00.
***
Мінскі абласны краязнаўчы музей у 12.30 прывітае гасцей і жыхароў горада на персанальнай выставе “Спявак культуры края” скульптара, уражэнца Мінскай вобласці, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Аляксандра Фінскага.
Майстар вядомы ў галіне манументальнай скульптуры, яму належыць аўтарства мемарыяльнага комплексу “Чырвоны бераг” у аднайменным пасёлку Гомельскай вобласці, помнікаў Сімяону Полацкаму ў Полацку, Адаму Міцкевічу ў Мінску, Максіму Танку ў Мядзелі. Ён прымаў удзел у ўвасабленні скульптурных кампазіцый для Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, мемарыяла “Яма. Мінскае гета”, знака “Нулявы кіламетр” на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску.
***
Душэўны і цікавы праект “Асоба эпохі” арганізуе ў гэтым годзе творчую сустрэчу з народнай артысткай Беларусі Анастасіяй Масквіной.
Яна з’яўляецца лаўрэатам Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі, узнагароджана медалём Францыска Скарыны.
З 2002 года – салістка Вялікага тэатра Беларусі, якая валодае вялікім, прыгожым і мяккім сапрана. Выступала ў Вялікім тэатры Расіі, у маскоўскай канцэртнай зале імя П.І.Чайкоўскага, у палацы каралевы Лізаветы ў Эдынбургу, у Азербайджанскам тэатры оперы і балета, Міжнародным фестывалі музыкі і танца ў Бангкоку і іншых.
Сёння Анастасія Ігараўна – прафесар кафедры спеваў.
Мерапрыемства адбудзецца ў 15.00 у малой зале Палаца культуры.
***
У 17 гадзін на сцэне Мінскага абласнога драматычнага тэатра пройдзе спектакль “На другі дзень сёмухі”.
Гэта сцэнічны жарт на драматургічнай аснове “Прымакоў” Янкі Купалы. Сюжэт спектакля “народны”: пасля святочнага застолля на Троіцу (Сёмуху) бацькі сем’яў памяняліся жонкамі і дамамі, лічачы, што чужое заўсёды лепшае. Аднак на другі дзень сёмухі прыйшлося ўносіць карэктывы ў незвычайны абмен.
Спектакль змяшчае непаўторны купалаўскі гумар, які ілюструе менталітэт тагачасных беларусаў.
***
Урачыстае адкрыццё юбілейнага ХХ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2021” традыцыйна пройдзе на сцэне летняга Амфітэатра ў 21.30.
Падчас канцэрта адбудзецца ўрачыстая цырымонія ўзнагароджвання лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні.
Жыхароў і гасцей горада чакае прэм’ера канцэрта “Талака”, прысвечанага творчасці класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча і генія беларускай песні Ігара Паліводы, у выкананні Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі”. Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор – народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесар Міхаіл Фінберг.
У гонар 20-га юбілею завяршэннем першага святочнага дня стане яркі феерверк.
12 чэрвеня
Другі дзень фестывалю пачнецца з канцэрта акадэмічнай музыкі “У гонар беларускай музычнай будучыні” творчых калектываў Заслужанага калектыву “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі”. Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор – народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесар Міхаіл Фінберг. Музычная сустрэча пройдзе ў 10.30 у канцэртнай зале Маладзечанскай ДШМ.
***
У 11.00 Мінскі абласны драматычны тэатр запрашае ўсіх аматараў тэатральнага мастацтва. Увазе гледачоў будзе прадстаўлены спектакль “Проста Мяфа” – вясёлая і павучальная казка з жыцця хатніх улюбёнцаў. Гэта гісторыя пра тое, што адбываецца, калі ўзяцца не за сваю справу. Сабака Мяфа на гаспадарскім двары спрабуе сябе то ў якасці Пеўня Пеці, то Ката Мікалая і бярэцца выконваць іх абавязкі. А тыя ў сваю чаргу спрабуюць выконваць справы Мяфы. Але раптоўнае з’яўленне Лісы хутка ўсё растаўляе на свае месцы, і кожны робіць тое, да чаго прызначаны.
***
Працягне насычаную праграму культурнага дня гала-канцэрт “Маладзічок” запальвае зоркі” лаўрэатаў ІX Адкрытага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні “Маладзічок – 2021”, які пачнецца ў 11.00 на сцэне канцэртнай залы Палаца культуры.
Конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні “Маладзічок”, які праходзіць з 2005 года, папулярызуе дзіцячую і юнацкую эстрадную творчасць, павышае мастацкі ўзровень юных выканаўцаў эстраднай песні, дае магчымасць раскрыць і падтрымаць новыя таленты, праявіць творчыя здольнасці асобы, а таксама развіць духоўны, інтэлектуальны і культурны патэнцыял моладзі.
***
У 14.00 заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Навум Гальпяровіч закране актуальныя праблемы сучаснасці, развіцця беларускай літаратуры, ролі роднай мовы ў фарміраванні грамадскай свядомасці і культуры ў аўтарскім праекце “Суразмоўцы” тэлеканала “Беларусь 3”. Госці праграмы – старшыня грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз кампазітараў” Алена Віктараўна Атрашкевіч, першы намеснік старшыні грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Алена Анатольеўна Стэльмах, намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі – дырэктар па навуковай рабоце і выдавецкай дзейнасці Аляксандр Аляксандравіч Cуша.
Мерапрыемства адбудзецца ў зале ўрачыстасцяў Палаца культуры.
***
Канцэртная зала музычнага каледжа імя М.К.Агінскага запрашае ў 15 гадзін на творчы праект “Сімфанічная рапсодыя”. На радасць гасцям фестывалю ў выкананні творчай моладзі прагучыць беларуская музыка розных эпох. Вытанчаныя сімфанічныя аранжыроўкі, віртуозная інструментальная ігра, пачуццёвая атмасфера перанясуць гледачоў у іншы свет, дзе нараджаецца музыка!
***
Хто, як ні паэты, дзеячы культуры і мастацтва, могуць пранікнёна звярнуцца да роднай старонкі, уславіць наш родны беларускі край. Іх вершаваныя радкі – сама шчырасць, лірычнасць, само каханне, любоў да Радзімы, бясконцы душэўны боль за лёс Бацькаўшчыны. А беларуская мова такая, што замілоўвае і слых, і душу.
Малая зала Палаца культуры ў 16.00 запрашае аматараў літаратурнага і музычнага мастацтва на музычна-паэтычную гасцёўню “Святло Радзімы. Радасць Перамогі” з удзелам беларускіх паэтаў, дзеячаў культуры і мастацтва Беларусі, фіналістаў рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”.
***
У 17.00 у канцэртнай зале Палац культуры пачнецца спектакль “Паўлінка” Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.
Найстарэйшая тэатральная работа, якая карыстаецца асаблівай любоўю ў гледачоў, заўсёды вылучалася сярод багатага рэпертуара тэатра сваім займальным сюжэтам, зборам яркіх вобразаў і характараў, народнымі песнямі і танцамі, а таксама выдатным майстэрствам выканаўцаў. За доўгія гады свайго існавання пастанова ператварылася ў сапраўдную візітоўку, сімвал Купалаўскай сцэны.
Звычайную гісторыю пра тое, як дзяўчына абрала сабе жаніха насуперак бацькоўскай волі, народны паэт Беларусі Янка Купала шчодра аздобіў нацыянальным каларытам і сакавітым народным гумарам.
***
У летнім Амфітэатры ў 21.30 пройдзе канцэрт-закрыццё ХХ Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі “Маладзечна – 2021”.
Жыхары і госці горада змогуць атрымаць асалоду ад юбілейнай канцэртнай праграмы “Маладзечна – насустрач шлягерам” з удзелам зорак беларускай эстрады, пераможцаў конкурсу маладых выканаўцаў розных гадоў.
13 чэрвеня
Асаблівым падарункам трэцяга дня фестывалю стане канцэрт “Прысвячэнне песняру” Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры” ў зале Палаца культуры. Праграма будзе прысвечана 80-годдзю заснавальніка ансамбля народнага артыста СССР Уладзіміра Мулявіна.
Калектыў з’яўляецца своеасаблівай музычнай візітнай карткай Беларусі. Хоць сёння ўдзельнікамі ансамбля, заснаванага ў савецкія часы, з’яўляюцца іншыя выканаўцы, аднак песні, якія яны выконваюць, застаюцца любімымі ўсімі: “Беловежская пуща”, “За полчаса до весны”, “Касіў Ясь канюшыну”, “Старый клён”, “Родина моя, Белоруссия”. Пачатак мерапрыемства ў 18.00.
***
Акрамя асноўных мерапрыемстваў фестывальная праграма прапануе гледачам і ўдзельнікам музычна-паэтычнага свята шэраг цікавых мерапрыемстваў:
• Аўтарскі праект кампазітара Дзмітрыя Лыбіна “Гісторыя і сучаснасць. Музычныя інструменты розных эпох”.
(Канцэртная зала Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага – 11 чэрвеня, 13.00);
• Канцэртная праграма “Музыка беларускіх кампазітараў” народнага духавога аркестра Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага.
(Канцэртная зала Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага – 11 чэрвеня, 16.00);
• тэлеперадача “У аб’ектыве” з удзелам творчых асоб Беларусі. (Тэлепраграма “МКТБ” – 11 чэрвеня, 17.00);
• канцэрт беларускай духоўнай музыкі ў рамках культурна-адукацыйнага праекта “Музыка беларускіх кампазітараў – пакаленню XXI стагоддзя” ў выкананні харавога ансамбля “Concertino” Беларускага саюза кампазітараў.
(Касцёл Святога Юзафа – 11 чэрвеня, 18.00) ;
• новая канцэртная праграма ў выкананні Заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь “Нацыянальны акадэмічны канцэртны аркестр Беларусі”. Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор – народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі Саюзнай дзяржавы, прафесар Міхаіл Фінберг.
(Чысцінскі сельскі дом культуры – 12 чэрвеня, 17.00).
Напярэдадні фестывалю жыхары і госці Маладзечна змогуць прасачыць гісторыю культурнага мерапрыемства (з 1993 года), успомніць, як усё пачыналася. Уздоўж парка па вуліцы Вялікі Гасцінец будзе прадстаўлены арт-праект “Фестывальны шлях”, дзе адлюстраваны яскравыя моманты і падзеі творчага фэсту.
З мэтай папулярызацыі беларускага слова, знаёмства насельніцтва з роднай мовай, з паэзіяй паэтаў-класікаў і сучасных творцаў разгарнецца праект “Роднае слова”. Большасць думае, што ведае беларускую мову і разумее яе. Але ёсць шмат слоў, сэнс якіх зразумелы делёка не ўсім. Каляровыя макеты і афішы, якія будуць размешчаны ў рамках праекта “Роднае слова” на вуліцах горада, інфармацыйных стэндах, прадэманструюць каларыт і багацце беларускай мовы, будуць садзейнічаць зацікаўленасці жыхароў горада да роднага слова і стымуляваць пазнавальную актыўнасць у адносінах да беларускай культуры.
***
На працягу фестывальных дзён разгорнуць працу адкрытыя пляцоўкі, якія размесцяцца на Цэнтральнай плошчы, вуліцы Прытыцкага, у гарадскім парку культуры і адпачынку імя Перамогі, а таксама каля кінатэатра “Радзіма”.
Так, на Цэнтральнай плошчы адбудзецца канцэртная праграма “Колер маёй краіны”, пройдзе падвядзенне вынікаў абласнога конкурсу маладых аўтараў і кампазітараў, а таксама парад духавых аркестраў Мінскай вобласці “Фанфары Міншчыны”.
“#Творчы квартал” запрашае наведаць пляцоўкі вакальнага мастацтва “#Пявучы Molo”, харэаграфічнага “#Танцавальны Molo”, тэатральнага і цыркавога “#Тэатральны Molo”. Таксама пачнуць сваю работу фотавыстава “#CityARTMolo”, фотазона “#Закаханы Molo” і пляцоўка “Пабудуй кардонны горад”.
Магчымасць набыць тавары народнага спажывання з’явіцца на выставе-продажы “Беларускі пачастунак”. Знойдуць сабе занятак у святочныя дні дзеці і моладзь фестывальнага Маладзечна, наведаўшы творчую пляцоўку “Тэрыторыя дзяцінства”, крэатыўную прастору “АRTBattle”. Пабачыць беларускія краявіды, каларытнае багацце краіны, рэалістычныя і сімвалічныя рысы, уласцівыя беларускай прыродзе, атрымаць асалоду ад беларускіх пейзажаў можна будзе падчас мастацкага пленэру “Мой АРТ-ГОРАД”. Экспазіцыя дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва будзе прадстаўлена на пляцоўцы “Горад майстроў”. Падчас паэтычнай пляцоўкі з удзелам беларускіх паэтаў можна будзе далучыцца да чароўнага свету паэзіі, сустрэцца і пазнаёміцца з сучаснымі беларускімі творцамі, пачуць у іх выкананні лепшыя творы. Багатая на культурныя мерапремствы праграма зможа задаволіць густы кожнага госця фестывалю.
***
Больш інфармацыі пра Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі “Маладзечна” можна знайсці на сайце festyval.by.
Тэлефон для даведак:
8-0176-73-00-92 (інфармацыйны аддзел Палаца культуры)