VII Міжнародны сімфанічны семінар-форум маладых кампазітараў і музыказнаўцаў краін СНД імя М.К.Агінскага. Працяг будзе

12.04.2021
Працяг будзе» – гэтыя словы могуць быць дэвізам VII Міжнароднага сімфанічнагасемінара-форумумаладых кампазітараў і музыказнаўцаў краін СНД імя М.К.Агінскага, які адбываецца з 12 па 22 красавіка 2021 года на базе Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага.

Чарговы форум аб’ядноўвае творчыя сустрэчы маладых аўтараў-пачаткоўцаўз майстрамі сучаснай кампазіцыі і музыказнаўства.

Сімфанічны кампазітарскі форум – мерапрыемства сапраўды ўнікальнае, якое стала знакавым у музычным жыцці нашага каледжа і аб’яднае цікавасць многіх краінаў СНД. Удзельнікі зноў апынуцца ў атмасферы сяброўскай сатворчасці, цяпер – спалучаючы традыцыйныя формы і уключэнні ва ўмовах інтэрнэт-сувязі.

У VII семінары-форуме разам з Яраславам Судзілоўскім, мастацкім кіраўніком Міжнародных Творчых майстэрань, прэзідэнтам Міжнароднай гільдыі маладых музыкантаў «МіжнародМалАд» Расійскага музычнага саюза, будуць працаваць наступныя кампазітары-прафесіяналы:

старшыня Беларускага таварыства сучаснай музыкі Дзмітрый Лыбін (Беларусь);

кампазітар, дацэнт кафедры кампазіцыі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Алег Хадоска (Беларусь);

загадчык кафедры кампазіцыі і тэорыі музыкі Нацыянальнай  Пражскай акадэміі музыкі Йіржы Бездэк (Чэхія);

народны артыст Расійскай федэрацыі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, лаўрэат прэміі «Залатая маска» Уладзімір Кабекін (Масква, Екацярынбург);

доктар мастацтвазнаўства, дацэнт Нацыянальнай акадэміі музыкі, тэатра і выяўленчых мастацтваў Малдовы Сняжана Пыслар (Малдова);

старшыня Саюза маладых кампазітараў Польшчы Аляксандра Хмялеўска (Польшча);

Дацэнт, кандыдат навук Музычнага Універсітэта імя Ф.Шапэна Кшыштаф Кітёр (Польшча);

Дырыжор, дацэнт Музычнага Універсітэта імя Ф.Шапэна Ян Крутул (Польшча);

Дацэнт, дэкан факультэта кампазіцыі Мангольскай нацыянальнай кансерваторыі Алтангэрэл Хішігдогтох (Манголія)

дырэктар МГМК ім. М. К. Агінскага, кавалер Ордэна Францыска Скарыны, дырыжор Рыгор Сарока (Беларусь);

музыказнаўца, старшыня аддзялення музыказнаўства і музычнай крытыкі МГММ «Міжнародмалот», кандыдат мастацтвазнаўства Сяргей Увараў (Масква) ды іншыя.

З дня ў дзень гэта будуць прэзентацыі і творчыя сустрэчы маладых аўтараў з сталымі кампазітарамі і музычнымі крытыкамі, адукацыйныя лекцыйныя цыклы, майстар-класы і практыкумы для маладых кампазітараў, выканаўцаў і музыказнаўцаў, праца ўдзельнікаў Форуму над стварэннем новых сімфанічных партытур, непасрэдная праца з сімфанічным аркестрам і дырыжорам у працэсе напісання сачынення.

Галоўным упрыгожваннем VII Міжнароднага сімфанічнага семінара-форуму маладых кампазітараў краін СНД імя М.К.Агінскага стаў сёлета канцэрт-адкрыццё, які адбыўся 14 красавіка, у 18-00, у Вялікай зале Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.К.Агінскага.

Урачыстасць была вельмі цікавай, бо ў праграму ўключаны лепшыя творы, якія напісаны менавіта да VII семінара-форума маладымі кампазітарамі-удзельнікамі мінулых форумаў. Першым выканаўцам новых цікавых па музыцы і змесце партытур традыцыйна будзе сімфанічны аркестр каледжа, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор – Рыгор Сарока, дырыжор – Аляксей Андрэеў.

За час існавання праекту адбываліся дадатковыя падзеі, якія канчаткова вызначаюць унікальны «твар» мерапрыемства: конкурс сімфанічных партытур, майстар-класы для кампазітараў па рабоце з аркестрам і па дырыжыраванню, унікальныя аўтарскія курсы, якія праходзяць апрабацыю менавіта пад час форумаў і шмат чаго яшчэ.

Як вядома, адным з заснавальнікаў сімфанічнага кампазітарскага форуму з’яўляецца Мінскі аблвыканкам, які аказвае значную фінансавую падтрымку і заўжды цікавіцца працэсам і вынікамі кожнага з мерапрыемстваў.

Па словах мастацкага кіраўніка сімфанічнага аркестра Маладзечанскага каледжа, Сарока Рыгора Сямёнавіча, – «За час 5 папярэдніх форумаў сімфанічным аркестрам было прапрацавана звыш 65 новых арыгінальных партытур, лепшыя з якіх былі выкананы ў канцэртах. Работа вельмі складаная і карпатлівая, нават далікатная. Ёсць спадзяванне ў наступных канцэртах ўбачыць за пультам і саміх кампазітараў, якія прадырыжыруюць ўласнымі творамі. З майго боку будзе праведзена ўся патрэбная падрыхтоўчая праца. Жыццё працягваецца і дыктуе ўласныя карэктывы, аднак вялікі праект адбываецца, ён жыве».

Успомнім, што ўсе канцэрты з твораў маладых кампазітараў выклікалі нязменную цікавасць як у публікі, так і ў прадстаўнікоў СМІ не толькі Маладзечна, а таксама вобласці і краіны. І аб неабходнасці сустрэчы твораў маладых кампазітараў з слухачамі пастаянна выказваліся арганізатары і ганаровыя госці форуму.

Так, у сваім вітальным слове ўдзельнікам V юбілейнага форума, слухачам і музыкантам старшыня Саюза кампазітараў Беларусі Алена Атрашкевіч зазначыла: «Цяпер, калі існуе небяспека музыку ператварыць ў трэкавую мазаіку, дзякуючы падобным канцэртам прыемна асведамляць, што кампазітар – гэта ўсё ж такі прафесія, якой вучацца і спасцігаюць ўсё жыццё. У музыцы, якая гучыць у межах форума ёсць творчы пошук, адчуванне традыцый, апора на нацыянальныя вытокі. Яе аўтары як раз тыя, што маюць шанц стаць дастойнымі музыкантамі і кампазітарамі».

Спадзяёмся, падобныя канцэртыз новых твораў маладых кампазітараў краін СНД абавязкова адбудуцца ў будучыні. Тым больш, у арганізатараў і ў кіраўніка сімфанічнага аркестра ёсць цікавыя ідэі на гэты конт, пра якія мы абавязкова даведаемся пры асабістай сустрэчы з новай музыкай.

Аўтар тэксту – музыказнаўца Яўгенія Рукевіч, загадчык практыкі УА «Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М.К.Агінскага»

Фота: Апановіч Руслан Іосіфавіч, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце УА «Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М.К.Агінскага»

 

Кантакты рабочай групы:

Кіраўнік – Арцямёнак Дзмітрый Уладзіслававіч, тэл. пр. (0176) 74-64-52, тэл.маб. (029) 395-78-86;

Меню раздела