НЕМАТЭРЫЯЛЬНАЯ СПАДЧЫНА – ЗДАБЫТАК КРАІНЫ

23.11.2021
23 лістапада 2021 у Палацы культуры імя М.Горкага горада Барысава ў рамках рэспубліканскай акцыі «Культурная сталіца года» адбылася навукова-практычная канферэнцыя «Нематэрыяльная спадчына – здабытак краіны».

Захаванне нематэрыяльнай культурнай спадчыны з’яўляецца адным з асноўных напрамкаў дзяржаўнай культурнай палітыкі Рэспублікі Беларусь. У мэтах забеспячэння жыццяздольнасці і бесперапыннасці сектара нематэрыяльнай культурнай спадчыны ажыццяўляюцца праграмы, скіраваныя на развіццё народнага мастацтва і папулярызацыю традыцыйных каштоўнасцей. Асаблівае значэнне надаецца рэалізацыі культурных праграм у рэгіёнах, якія садзейнічаюць захаванню і забеспячэнню жыццяздольнасці традыцый,  іх перадачы ад пакалення да пакалення.

 

У мерапрыемстве прынялі ўдзел больш за 50 чалавек, у тым ліку прадстаўнікі Міністэрства культуры, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, галоўнага ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама, прадстаўнікі абласцей і г.Мінска, якія курыруюць пытанні аховы нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны ў рэгіёнах.

 

Падчас канферэнцыі разглядаліся пытанні аховы нематэрыяльнай культурнай спадчыны, захады да ўнясення аб’ектаў традыцыйнай культуры Беларусі ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і спісы нематэрыяльнай культурнай спадчыны сусветнага значэння ЮНЕСКА.  

Навукоўцы і супрацоўнікі ўстаноў культуры абмеркавалі праблемы пошуку элементаў беларускай духоўнай спадчыны, што могуць атрымаць афіцыйны статус нематэрыяльнай культурнай каштоўнасці і найбольш эфектыўнае выкарыстанне такога статуса для папулярызацыі традыцыйнай культуры.

 

Важнай часткай мерапрыемства стала выстаўка «Нематэрыяльная спадчына Мінскай вобласці» на якой можна было не толькі пазнаёміцца з аб’ектамі нематэрыяльнай культурнай спадчыны Міншчыны, але і пабачыць народных майстроў за працай. 

  

На сённяшні дзень Мінская вобласць, якая прымае ўдзельнікаў канферэнцыі, мае 17 афіцыйна прызнаных аб’ектаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны: абрады, стылі выканальніцкага мастацтва, традыцыі вырабу дэкаратыўна-прыкладных твораў. Вядзецца далейшая актыўная праца па вывучэнню, ідэнтыфікацыі, дакументаванню і інвентарызацыі ўнікальных з’яў, якія патрабуюць увагі і прызнання на мясцовым, нацыянальным і міжнародным узроўнях.

 

 

Меню раздела