Дзяржынск упрыгожылі 12 новых скульптур з натуральнага каменя.
29.06.2022У пленэры прынялі ўдзел навучэнцы ўстановы адукацыі «Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А.К.Глебава». Арганізатарамі пленэра выступілі галоўнае ўпраўленне культуры Мінскага абласнога выканаўчага камітэта, дзяржаўная ўстанова «Мінскі абласны цэнтр народнай творчасці» і аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзяржынскага раённага выканаўчага камітэта.
За 9 дзён напружанай творчай працы студэнты-скульптары здолелі стварыць яркія і таленавітыя работы, якія, несумненна, будуць прыцягваць увагу і радаваць жыхароў горада. Вобразы, што ўвасобілі музычную спадчыну, чалавечыя пачуцці, свет воднай прасторы знайшлі сваё месца ля гарадскога фантана, школы мастацтваў, будынка ЗАГСа.
З паспяховым завяршэннем творчага марафону студэнтаў павіншавалі намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта па сацыяльных пытаннях В.В.Ігнатава, Народны мастак Беларусі І.Я.Міско, намеснік старшыні грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз мастакоў” Н.В.Шаранговіч, дырэктар установы адукацыі «Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А.К.Глебава» А.В.Шантаровіч.
На ўрачыстай прэзентацыі работ, выкананых падчас пленэра, прадстаўнікі адміністрацыі Дзяржынскага раёна і кіраўніцтва каледжа выказалі спадзяванне, што станоўчы вопыт супрацоўніцтва ў справе аздаблення гарадской прасторы і далучэння да гэтай справы моладзі будзе працягвацца.