Літаратурна-музычнае свята “У вянок Песняру” ў Уздзенскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя П. Труса

12.05.2023

Афіша

11 мая 2023 года ў Уздзенскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Труса прайшло літаратурна-музычнае свята “У вянок Песняру”, прымеркаванае да дня ўшанавання памяці ўраджэнца Уздзеншчыны, беларускага пісьменніка, перакладчыка Паўлюка Труса (1904–1929). Мерапрыемства праходзіла ў рамках абласнога праекта “Пісьменнікі – ураджэнцы роднага краю” (2022–2023), які рэалізуецца публічнымі бібліятэкамі Мінскай вобласці разам з партнёрамі. У прыватнасці, свята было арганізавана сумесна з Мінскай абласной бібліятэкай імя А. С. Пушкіна, Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва і выдавецтвам “Мастацкая літаратура” (часопісам “Полымя”).

Імпрэзу распачаў супрацоўнік раённага Дома культуры Сяргей Прыёмка з песняй “Песня пра Уздзеншчыну”. На мерапрыемства сабраліся школьнікі раённай гімназіі і сярэдняй школы, дарослыя карыстальнікі бібліятэкі, а таксама члены літаратурна-мастацкага аб’яднання “Нёманец”, які дзейнічае пры бібліятэцы з 1989 года. Дзеці чыталі напамяць вершы Паўлюка Труса, складаючы сімвалічны букет ад маладога пакалення Уздзеншчыны паэту-земляку, прагучаў верш М. Башлакова “Снег Паўлюка Труса” ў выкананні супрацоўніцы Уздзенскай раённай бібліятэкі Вольгі Віяленцій.

Вядоўца мерапрыемства, супрацоўнік аддзела абслугоўвання і інфармацыі Алена Кучук распавяла пра паэта Паўлюка Труса, імя якога з 1960 года носіць цэнтральная бібліятэка. Яна задала напрамак дзеянню свята, якое павінна было стаць адметным і незвычайным. І сапраўды, на свяце не апавядалі пра лёс пісьменніка, а ўзгадвалі яго кнігі, архіўныя дакументы, звязаныя з яго асобай, зачытваліся ўспаміны пра паэта яго сяброў, пра яго родныя мясціны, распавядалася пра віртуальны музей Паўлюка Труса, створаны ў 2015 годзе на сайце цэнтральнай бібліятэкі. Таксама цікава было паслухаць лісты паэта да родных і сяброў, якія прагучалі ў запісу ў выкананні супрацоўніка раённага Дома культуры Аляксандра Каханага.

Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, галоўны рэдактар часопіса “Полымя” Віктар Шніп у сваім выступленні ўзгадаў эпізоды з асабістага жыцця, звязаныя з кнігамі і асобай Паўлюка Труса, а таксама прачытаў вершы паэта. Вядучы навуковы супрацоўнік Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, паэт, кандыдат філалагічных навук Віктар Жыбуль пазнаёміў прысутных з лістамі пісьменніка да Пятра Глебкі, якія нядаўна папоўнілі фонды ўстановы, пазнаёміў з кнігай выбраных твораў Паўлюка Труса, укладальнікам якой была Ганна Запартыка, былы дырэктар архіва-музея. Загадчык аддзела бібліятэказнаўства Мінскай абласной бібліятэкі імя А. С. Пушкіна Таццяна Лаўрык паведаміла пра абласны конкурс віртуальных рэсурсаў, прысвечаных пісьменнікам-землякам, які праходзіць у публічных бібліятэках Мінскай вобласці да 15 лістапада 2023 года, а таксама зрабіла віртуальны падарунак бібліятэцы: якраз да мерапрыемства на сайце https://by.planetabelarus.by/ была размешчана інфармацыя пра Паўлюка Труса на рускай і беларускай мовах са спасылкай на віртуальны музей пісьменніка. Яшчэ адна выступоўца – пісьменніца, перакладчыца, кандыдат філалагічных навук Аксана Данільчык згадвала лёс паэта праз ўспаміны яго сяброў-пісьменнікаў і аднадумцаў, гаварыла пра каштоўныя архіўныя дакументы, звязаныя з асобай паэта, якія захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.

Наведнікі мерапрыемства мелі магчымасць пазнаёміцца з выданнямі твораў пісьменніка, што экспанаваліся ў зале бібліятэкі і ў літаратурнай гасцёўне “У Паўлюка”, якая адчынена ў бібліятэцы з 2015 года.

З вялікай цікавасцю ўдзельнікі мерапрыемства, госці з г. Мінска, знаёміліся з Уздзенскім дзяржаўным гісторыка-краязнаўчым музеем, дзе захоўваюцца некаторыя асабістыя рэчы паэта, у прыватнасці, рукапісная газета “Низокская жизнь” (кн. 1). Гэты каштоўны музейны экспанат выклікаў гарачае абмеркаванне. Таксама была праведзена экскурсія па памятных мясцінах горада, якія пакідаюць незабыўныя ўражанні ў гасцей.

Мінская абласная бібліятэка імя А. С. Пушкіна выказвае падзяку Уздзенскай цэнтральнай раённай бібліятэцы П. Труса за арганізацыю мерапрыемства і экскурсію па памятных мясцінах горада для ўдзельнікаў.

 

Меню раздела