Абласны семінар “Бібліятэчнае краязнаўства: у пошуках новых форм і ідэй”

22.04.2024

Афіша

17 красавіка 2024 года на базе ДУК “Бярэзінская цэнтральная раённая бібліятэка” прайшоў абласны семінар “Бібліятэчнае краязнаўства: у пошуках новых форм і ідэй”, які сабраў загадчыкаў аддзелаў абслугоўвання і інфармацыі, бібліятэчнага маркетынгу і аўтаматызацыі, краязнаўчай літаратуры цэнтральных бібліятэк Мінскай вобласці.

Госцей з вобласці сустрэлі на мяжы раёна з песнямі і святочным караваем, што надала пачатку мерапрыемства незвычайны і ўрачысты характар. Гасціннасць і шчырасць, утульнасць на Бярэзіншчыне адчувалася на кожным кроку.

Першая частка мерапрыемства ўключала наведванне Бярэзінскага краю, знаёмства з бібліятэкамі і памятнымі мясцінамі раёна, таму старт мерапрыемству быў пакладзены з аграгарадка Багушэвічы, у якім усіх прысутных чакаў экскурс-рэйд “Аграгарадок – адметнасці куток” з наведваннем помніка архітэктуры XIX стагоддзя касцёла Божага Цела. Госці наведалі Багушэвіцкую сельскую інтэграваную бібліятэку-клуб, у якой загадчыца ўстановы Тамара Бінжук падзялілася вопытам работы ў краязнаўчым напрамку, напрацоўкамі і цікавымі формамі работы. У Паплаўскай інтэграванай сельскай бібліятэцы-клубе ўдзельнікаў семінара сустрэла бібліятэкар Валянціна Наскавец, якая таксама правяла экскурсію па ўстанове і расказала аб сучасных прыёмах папулярызацыі краязнаўчых матэрыялаў.

Незабыўныя ўражанні атрымалі госці ад наведвання ДУК “Бярэзінскі раённы цэнтр рамёстваў”. Дырэктар Іна Хвашчэўская правяла прысутных па выставачных залах, распавяла пра пакой-музей драўлянай лыжкі – адзіны музей такога кшталту ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама пазнаёміла з выставай керамікі і іншымі экспазіцыямі.

Асноўным пунктам семінара стала Бярэзінская цэнтральная раённая бібліятэка, экскурсію па якой ажыццявіла дырэктар бібліятэкі Наталля Маеўская, а загадчыца аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці Тамара Круталевіч прэзентавала інфармацыйна-краязнаўчы цэнтр, які з’яўляецца каштоўнай перлінай бібліятэкі г. Беразіно.

Пасля экскурсіі па бібліятэцы ўдзельнікі семінара сабраліся за круглым сталом на навукова-метадычную частку мерапрыемства, падчас якой прагучалі выступленні бібліятэчных супрацоўнікаў па надзённых праблемах і пытаннях у галіне бібліятэчнага краязнаўства. Мадэратарам семінара выступіла загадчык аддзела бібліятэказнаўства Мінскай абласной бібліятэкі імя А. С. Пушкіна Таццяна Лаўрык. Абмяркоўваліся пытанні літаратурнага краязнаўства, традыцыі і інавацыйныя формы працы, выдавецкая дзейнасць у галіне краязнаўства. Загадчык аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці ДУК «Бярэзінская цэнтральная раённая бібліятэка» Тамара Круталевіч распавяла пра вопыт краязнаўчай працы ў бібліятэках раёна, новыя тэндэнцыі і дасягненні. Ад ДУ “Мінская абласная бібліятэка імя А. С. Пушкіна” выступіла загадчык аддзела краязнаўчай літаратуры Марыя Барахоўская, якая прэзентавала працу свайго аддзела. Вучоны сакратар ДУК “Барысаўская цэнтральная раённая бібліятэка імя І. Х. Каладзеева” Інэса Карпава распавяла пра выдавецкую і публікацыйную дзейнасць сваёй установы, што з’яўляецца важным складнікам краязнаўчай працы. Вялікае ўражанне на ўдзельнікаў семінара зрабіла выступленне загадчыка аддзела аўтаматызацыі ДУК “Салігорская раённая цэнтральная бібліятэка” Наталлі Кагіцінай, якая агучыла дасягненні бібліятэкі ў рамках працы над анлайн-праектам “Краеведческий кейс Солигорска”. Яе выступленне паказала тыя высоты працы бібліятэкі ў краязнаўчым накірунку, да якіх павінна імкнуцца кожная ўстанова.

Гасцямі семінара сталі супрацоўнікі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, якія закранулі розныя аспекты краязнаўчай працы: загадчык сектара краязнаўства і праектнай работы навукова-даследчага аддзела бібліяграфіі Таццяна Лагаш прэзентавала праекты, якія рэалізуюцца ў бібліятэцы да 80-годдзя вызвалення Беларусі і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай войне; галоўны бібліятэкар навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства Вольга Какшынская пазнаёміла з арганізацыйна-метадычнымі аспектамі падрыхтоўкі матэрыялаў да ўдзелу бібліятэкі ў рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”.
Запрошаным удзельнікам семінара стаў журналіст, пісьменнік і краязнаўца, супрацоўнік газеты “Бярэзінская панарама”, член ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Алесь Бычкоўскі, які расказаў пра стасункі бібліятэкараў, пісьменнікаў і журналістаў.

Семінар стаў цікавай і карыснай у творчым плане падзеяй для ўсіх яго ўдзельнікаў. У падвядзенні вынікаў начальнік аддзела па ідэалагічнай рабоце, культуры і па справах моладзі Бярэзінскага райвыканкама Таццяна Лучанок, якая суправаджала абласны семінар на працягу ўсёй яго працы, падзякавала ўсім за актыўны ўдзел і адзначыла, што ўсе прысутныя – людзі, якія хварэюць за сваю працу, захоўваюць гісторыю і перадаюць яе падрастаючаму пакаленню, што сёння вельмі важна.

Пра абласны семінар у Бярэзінскім раёне ў газеце “Бярэзінская панарама”

Праграма семінара

Меню раздела