Літаратурна-музычнае свята “На сцежках светлай вясны…” ў Уздзенскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя П. Труса

20.05.2024

Афіша

16 мая 2024 года ў Уздзенскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Паўлюка Труса прайшло літаратурна-музычнае свята “На сцежках светлай вясны…”, прымеркаванае да 120-годдзя з дня нараджэння беларускага пісьменніка, перакладчыка Паўлюка Труса (1904–1929). Мерапрыемства было арганізавана сумесна з Уздзенскім раённым гісторыка-краязнаўчым музеем.

На імпрэзу завіталі літаратуразнаўцы, пісьменнікі, архівісты, бібліятэкары розных устаноў, якія на працягу 2022–2023 гг. сумесна працавалі ў рамках абласнога літаратурна-краязнаўчага праекта “Пісьменнікі – ураджэнцы роднага краю”, што рэалізоўваўся публічнымі бібліятэкамі Мінскай вобласці разам з партнёрамі. Слухачамі сталі вучні раённай гімназіі і сярэдняй школы, дарослыя карыстальнікі бібліятэкі, а таксама члены літаратурна-мастацкага аб’яднання “Нёманец”.

Вядоўца мерапрыемства, супрацоўнік аддзела абслугоўвання і інфармацыі Алена Кучук гаварыла пра паэта Паўлюка Труса, імя якога з 1960 года носіць цэнтральная бібліятэка. Кожны год на дзень нараджэння пісьменніка ў маі ўстанова рыхтуе шэраг мерапрыемстваў, якія знаёмяць землякоў і гасцей раёна з жыццём і творчасцю паэта Паўлюка Труса, аднак гэта свята павінна было стаць адметным у сувязі з юбілейнай датай з дня нараджэння паэта. Для музычнага аздаблення мерапрыемства была запрошана салістка раённага Дома культуры Вольга Тоўстая, у выкананні якой гучалі песні.

Незвычайны пачатак святу надалі вершаваныя сцэны з жыцця Паўлюка Труса ў выкананні ўдзельнікаў тэатральнай студыі “Вітамін” СШ № 2 імя К.К. Крапівы (кіраўнік М. М. Шыцікава), якія прадставілі вобраз паэта ад яго нараджэння да ператварэння ў зорку першай велічыні, пазнаёмілі, з кім ён сябраваў і вучыўся ў Белпедтэхнікуме, потым на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. На працягу ўсёй імпрэзы гучалі вершы паэта ў выкананні ўдзельнікаў свята: пісьменніка, сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі, галоўнага рэдактара часопіса “Полымя” Віктара Шніпа; пісьменніка, старшыні Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Леаніда Крываноса і іншых.

Не толькі да творчасці Паўлюка Труса звярнуліся госці імпрэзы. Пісьменніца, ганаровы архівіст Рэспублікі Беларусь, былы дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Ганна Запартыка з цеплынёй узгадвала мерапрыемства, якое ладзілася да 100-годдзя паэта на яго малой радзіме ў в. Нізок, таксама распавядала пра архіўныя даследаванні жыцця і творчасці паэта, фонд пісьменніка пад № 404 у архіве-музеі. Ганна Вячаславаўна з’яўляецца укладальнікам кнігі выбраных твораў Паўлюка Труса. Галоўны бібліёграф інфармацыйна-аналітычнага аддзела Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, кандыдат мастацтвазнаўства Юлія Амосава звярнулася да трусаўскага фонда Уздзенскай цэнтральнай бібліятэкі, дзе захоўваюцца кнігі П. Труса, якія выйшлі ў 1920–1930-я гг. Яна раскрыла гісторыю перадачы гэтых кніг з бібліятэкі супрацоўніцы-ветэрана Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Святланы Базылевай-Ланько ў фонд кніжніцы. Таксама Юлія Уладзіміраўна прэзентавала віртуальны праект Нацыянальнай бібліятэкі “На хвалі часу, у плыні жыцця” (1923–1928), прымеркаваны да 100-годдзя літаб’яднання “Маладняк”, сябрам якога з’яўляўся Паўлюк Трус.

Яшчэ адна выступоўца – пісьменніца, кандыдат філалагічных навук Аксана Данільчык згадала сяброў Паўлюка Труса, з кім звёў яго лёс, у тым ліку, сяброў літаб’яднання “Маладняк”, даследаваннем творчасці якіх яна займаецца. У фонд бібліятэкі яна перадала ўнікальнае выданне, у якім прадстаўлены творы 61 беларускай паэткі, “Бліскавіцы: анталогія беларускай жаночай паэзіі міжваеннага перыяду” (2017).

Загадчык аддзела бібліятэказнаўства Мінскай абласной бібліятэкі імя А. С. Пушкіна Таццяна Лаўрык паведаміла пра абласны конкурс віртуальных рэсурсаў, прысвечаных пісьменнікам-землякам, які праходзіў у публічных бібліятэках Мінскай вобласці ў 2023 годзе, у якім Уздзенская цэнтральная раённая бібліятэка імя П. Труса атрымала дыплом 2-й ступені за віртуальны музей Паўлюка Труса, а таксама падаравала ў трусаўскі фонд бібліятэкі часопіс “Роднае слова” (№ 4 за 2024 г.), які быў прысвечаны юбілею паэта.
На заканчэнне імпрэзы дырэктар бібліятэкі Аксана Драчан выказала шчырае спадзяванне, што добрая традыцыя ўшанавання памяці пісьменніка-земляка на яго радзіме будзе працягвацца. Наведвальнікі мерапрыемства мелі магчымасць пазнаёміцца з выданнямі яго твораў, што экспанаваліся ў зале бібліятэкі і ў літаратурнай гасцёўне “У Паўлюка”, якая адчынена тут з 2015 года.

Для ўдзельнікаў свята пасля яго афіцыйнай частцы дырэктарам Уздзенскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея Тамарай Лухверчык была арганізавана экскурсія па сядзібе Якуба Наркевіча-Ёдкі, якая знаходзіцца ў в. Наднёман і дзе адбываецца аднаўленне рэшткаў унікальнай пабудовы. Вучоны-фізік Якуб Наркевіч-Ёдка – адзін з нямногіх беларусаў, які яшчэ пры жыцці стаў легендай і ўнёс важкі ўклад у развіццё не толькі айчыннай, але і сусветнай навукі.

Мінская абласная бібліятэка імя А. С. Пушкіна выказвае шчырую падзяку Уздзенскай цэнтральнай раённай бібліятэцы П. Труса і Уздзенскаму гісторыка-краязнаўчаму музею за арганізацыю мерапрыемства і экскурсію па сядзібе Якуба Наркевіча-Ёдкі.

Фота А. Данільчык.

Меню раздела